Актыўны фандрайзінг ці ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Частка 2

Шляхі пошуку грошай для НДА

Увогуле, усе мы, калі не з'яўляемся лідарамі прафсаюза, БРСМ ці іншых аб'яднанняў, якія карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай, а гэтакіх на дадзены момант 16 [3], вымушаныя шукаць крыніцы матэрыяльных сродкаў самастойна. На гэтым этапе многія арганізацыі і рухі сутыкаюцца з вялізнымі цяжкасцямі і часта так і не дабіваюцца жаданага. Скажу адразу, што я ў сваёй кар'еры маладзёжнага лідара таксама праходзіла праз гэту "бітву за грошы", але мне ўдалося ўсё-такі выйсці з яе пераможцам. Цікава, што я "намагалася" рознымі спосабамі знайсці фінансаванне для праекту, я нават не падазравала, што ўсё тое, што я раблю, называецца прыгожным модным словам "фандрайзінг". Такім чынам, у гэтай частцы гаворка пойдзе пра фандрайзінг у Беларусі.

Спачатку трохі тэорыі пра тое, што ўвогуле азначае гэтае слова. Фандрайзінг - гэта пошукі крыніц фінансавання для непрыбытковых арганізацый, праекту.

Ёсць 4 асноўны формы фандрайзінгу [4]:

  • дабрачыннасць
  • прадпрымальнікі, прадстаўнікі бізнэсу
  • органы ўлады і мясцовае самакіраванне
  • фізічныя асобы

Давайце паглядзім, як можна ўжыць кожную з форм ў беларускай рэчаіснасці. 

Дабрачыннасць - яшчэ адно моднае слова. Зараз кожная арганізацыя, кампанія, якая паважае сябе, павінна абавязкова адзначыцца якім-небудзь удзелам у дабрачынным праекце. Заўважце, у навагодні перыяд СМІ толькі і мільгаюць тым, што апісваюць, хто і куды з'ездіў ды якія падарункі падарыў дзецям ці бальніцам.  Тое ж самае робяць і шматлікія маладзёжныя арганізацыі. У іх планах абавязкова стаіць якая-небудзь поездка ў дзіцячы дом ці дабрачынная акцыя, для якой заранёў збіраюцца і грошы, і рэчы, і людзі. На мой погляд, справа гэта добрая, але пачынае станавіцца масавай і "набівае аскому". Да таго ж, асабіста я так і не зразумела, як можна з дапамогай дабрачыннасці знайсці сродкі для правядзення мерапрыемства, калі яно не з'яўляецца дабрачынным. Таму гэты варыянт не падыходзіць Вам, калі Вы арганізуеце, напрыклад, трэнінг па развіццю лідарскіх здольнасцяў.

Бизнэс - вось гэта нядрэнны варыянт, я бы нават сказала, добры варыянт.  Але тут вельмі важна выбудаваць правільную стратэгію. Ідэя тут такая: Вы праводзіце мерапрыемтсва и падбіраеце патэнцыяльных спонсараў, якія фінансуюць ваша мерапрыемтсва. Для іх важна, што Ваша аўдыторыя на мерапрыемтсве – гэта іх патэнцыяльныя кліенты. Па сутнасці Вы прадстаўляеце Вашаму спонсару кліентуру, арганізуеце піяр, рэкламу, а ён як бы за гэта плаціць, аказваючы Вам падтрымку ў мерыпрыемстве. Здаецца, тут усё проста, але я часта бачыла, як лідары неправільна выбудоўваюць стратэгію па прыцягненню спонсараў і з-за гэтага не атрымоўваюць нічога. Праца з бізнэс-партнерамі, а для Вас спонсары павінны стаць менавіта партнерамі, а не мецэнатамі, - гэта сур'ёзная і крапатлівая праца па выбудоўванню доўгатэрміновых адносінаў.

Органы ўлады і мясцовае самакіраванне - з гэтай крыніцай фінансавання ўсё зразумела з папярэдняй часткі. Але хачу дадаць, што калі Вы працуеце ў ВНУ і адносіцеся да якой-небудзь арганізацыі ці структуры, то Вы маеце права папрасіць фінансаванне "зверху". Іншая справа, што Вам прыйдзецца зрабіць, каб атрымаць "запаветную" суму.

Фізічныя асобы - часам мы супрацоўнічаем менавіта з імі. Некаторыя лічаць, што гэта добры варыянт, але я б аддала перавагу супрацоўнічаць з бізнэс-партнерамі. Растлумачу на прыкладах.

Сітуацыя 1. Неяк узімку адна з нашых факультэцкіх арганізацый вырашыла правесці сваё мерапрыемства - баль. Натуральна. ім спатрэбіліся сродкі на арганізацыю. Факультэцкі фонд – не "бяздонная бочка" і таму яны пачалі шукаць крыніцы фінансавання. Знайшлася дзяўчына, знаёмая якой працавала кансультантам у адной з касметычных фірмаў. Яна па знаёмстве падала парачкунабораў касметыкі і нейкія дробныя свае штучкі. Таксама ў другой знаёмай знайшлася цётка, якая працавала ў боўлінгу. Яна ласкава прадаставіла зніжкавыя купоны. Вось так і вырашылі праблему.

Сітуацыя 2: Неяк гэтая ж арганізацыя праводзіла яшчэ адно мерапрыемтсва. Таксама былі патрэбныя грошы. Удзельнікаў жа пустымі словамі не заманіш, трэба шукаць якія-небудзь прызы, бонусы. Зноў звярнуліся да вышэй згаданых знаёмых. Дапамаглі яны і ў гэты раз.

Як Вы разумееце, арганізацыя працавала далей, і прыйшло чарговае мерапрыемтсва, і зноў яны звярнуліся да "знаёмых". Толькі вось у наступны раз гэтыя "знаёмыя" адказаліся ад такога ўдзелу. Пытанне: чаму? А ўсё вельмі проста: гэтыя нашыя ўсялякія "знаёмыя" не атрымоўваюць нічога ад такога ўдзелу. Яны проста становяцца "безаблічнымі" мецэнатамі. А нават калі і не становяцца "безаблічнымі", то ўсё роўна не атрымоўваюць ніякай выгады ад гэтага і таму ў чалавека проста знікае зацікаўленасць і з'яўляецца адчуванне, што яго проста выкарыстоўваюць. Менавіта таму я люблю супрацоўнічаць з бізнэс-партнёрамі, дзе кожны атрымоўвае выгаду. 

Канец другай часткі

Таццяна Размысловіч (БДУ, Мінск)

Спецыяльна для сборніка навуковых і публіцыстычныя працы "Феномен студэнцкага самакіравання".

Частка 1

Частка 2

Частка 3

17.10.2013 - 09:20