Студэнцкае самакіраванне ў Беларусі: праблема разумення сутнасці з’явы і пошук аптымальнай стратэгіі развіцця

Стратэгія для ССК

Уводзіны. Грамадска-палітычныя рэальнасць сучаснай Беларусі і той дыскурс, якія навязаны ўладай усяму беларускаму грамадству (неабходнасць адмаўлення ад свабоды выбару і абавязковае дэлегаванне асабістай адказнасці Вялікаму Брату ўзамен на больш-менш прыстойнае існаванне), гаворыць нам аб тым, што ў недалёкай перспектыве сістэма наўрад ці зменіцца. Беларускі палітычны рэжым, які зыходзіць з магчымасці ў далёкай будучыні страціць свае ўладныя паўнамоцтвы альбо нават іх часткі (пад чым разумеецца пашырэнне актараў удзелу), прадпрымае ўсе магчымыя крокі, накіраваныя на мінімізацыю рызыкаў. Як справядліва адзначае палітолаг Павел Усаў, “палітычны рэжым здзяйсняе … сістэматычны і пашыраны кантроль над тымі сферамі жыццядзейнасці грамадства, якія маглі б у перспектыве быць патэнцыяльнай пагрозай для яго”. Такім чынам, большасць ініцыятыў (эканамічных, палітычных, культурных), якія накіраваны на дэмакратызацыю грамадства і схілення балансу сіл у звязцы “улада-грамадства” на карысць “грамадства”, прадвызначана на атрыманне адпору з боку палітычнай сістэмы, бо гэта супярэчыць логіцы названай сістэмы.

У сувязі з гэтым цікавай з’яўляецца спроба прааналізаваць уплыў дыскурса на стан студэнцкага самакіравання ў Беларусі і прапанаваць свой варыянт развіцця студэнцкага самакіравання ва ўмовах беларускай сучаснасці. 

Феномен студэнцтва, “улада-студэнцтва”, праблема вызначэння “студэнцкага самакіравання” ў рамках беларускага грамадска-палітычнага дыскурса. З даўніх часоў студэнты, асабліва з канца ХІХ стагоддзя (пачатак эпохі мас), былі той сацыяльнай групай, якая бачыла ўсе хваробы грамадства, і намагалася крытычна ацаніць рэчаіснасць, каб пры неабходнасці дзейнічаць і ўплываць на сітуацыю. Для пацверджання гэтага тэзіса дастатова ўспомніць выступленні студэнтаў у Парыжы у 1968 г., у Кітаі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 г., у лістападзе 1989 г. ў Празе і г. д. У сучасным свеце студэнты краін “перамогшага лібералізму” і там, дзе “патрабуюць змен”, намагаюцца ўплываць і ўплываюць на палітычны курс дзяржавы ў розных галінах эканомікі, адукацыі і непасрэдна на палітычныя праекты кіруючай эліты. Таму невыпадкова, што высокая актыўнасць студэнтаў і іх адчувальнасць да таго, што адбываецца, заўсёды знаходзіліся пад пільнай увагай улады.

Таму невыпадкова, што і беларуская ўлада надае вялікае значэнне студэнцтву: “Мэтавай катэгорыяй насельніцтва для правядзення выхаваўчай працы з моладдзю з’яўляецца студэнцтва – асяродак, у якім стыхійныя настроі і арыентацыі моладзі звычайна крышталізуюцца ў пэўныя ідэалагічныя стэрэатыпы і трансліруюцца затым на розныя слаі моладзі, якія аказваюць істотны ўплыў на іх настроі і паводзіны” (Идеология и молодёжь. Мн., 2004). Адзін з працаўнікоў у галіне афіцыйнай палітычнай навукі адзначае дзве ўзаемазалежныя рэчы: 1) “Палітычная сацыялізацыя сучаснага пакалення моладзі адбывалася ў адрозных ад камандна-адміністрацыйнай сістэмы ўмовах. Гэта пакаленне вырасла ва ўмовах крушэння і скідання аўтарытэтаў, разбурэння звыклых каштоўнасцей і ідэалаў, разбурэння ўсталяванай сістэмы выхавання. Але яно таксама расло і ва ўмовах палітычнай свабоды, палітычнага плюралізма, палітычнай барацьбы”; 2) “У гэтых умовах асаблівае значэнне набывае моцная дзяржаўная моладзевая палітыка”.  На практыцы гэта азначае  фарміраванне пакалення, якое, па-першае, трымалася б убаку ад актыўнага ўмяшання ў працэсы, якія адбываюцца ў краіне, а, па-другое, было б  мінімум – лаяльным да сістэмы і максімум – дапамагала б ёй. Можна сцвярджаць, што менавіта такі дыскурс навязаны беларускаму студэнцтву, і менавіта ў яго межах трэба разглядаць беларускае ССК.

У першую чаргу неабходна адзначыць, што такое паняцце, як “студэнцкае самакіраванне” не сустракаецца ні ў адным з разгледжаных афіцыйных закандаўчых дакументаў (Закон Рэспублікі Беларусь “Аб агульных пачатках дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі). Такім чынам, мы сутыкаемся з сітуацыяй, што аб студэнцкім самакіраванні ў Беларусі больш кажуць, чым разумеюць, што гэта такое. Іншымі словамі, аб’ект ёсць, а яго разумення няма.

У сувязі з гэтым цікава звярнуцца да лакальных нарматыўных дакументаў устаноў адукацыі, у якіх дзейнічае “студэнцкае самакіраванне”. Студэнцкае самакіраванне – гэта асаблівая форма ініцыятыўнай, самастойнай дзейнасці навучэнцаў дзеля вырашэння жыццёва важных пытанняў па арганізацыі вучэбнай, навуковай, выхаваўчай працы, побыту, вольнага часу і г. д. Мэтай дзейнасці студэнцкага самакіравання з’яўляецца арганізацыя ўсеагульна цікавага і грамадска карыснага студэнцкага жыцця, а таксама арганізацыя сістэмнай працы па далучэнні студэнцкай моладзі да культурных, духоўна-маральных каштоўнасцей, спрыянне сацыяльнай самарэалізацыі навучэнцаў (БрДУ ім. А. С. Пушкіна). Студэнцкае самакіраванне – гэта адказныя, актыўныя, поўныя энтузіязму студэнты, якія ўтвараюць студэнцкую раду факультэта (філалагічны факультэт МДУ ім. А. А. Куляшова). Студэнцкая Рада самакіравання гістарычнага факультэта з’яўляецца калегіяльным працоўным органам сістэмы студэнцкага самакіравання, які створаны з ліку актыўных студэнтаў. Мэтай дзейнасці студэнцкай Рады гістарычнага факультэта з’яўляецца фарміраванне і развіццё студэнцкага самакіравання на факультэце, падрыхтоўка ініцыятыўнага, дзеяздольнага актыву (гістарычны факультэт МДУ ім. А. А. Куляшова).  Галоўная мэта дзейнасці – каардынацыя сістэмы студэнцкага менеджменту, рэалізацыя творчай ініцыятывы, павышэнне грамадскай актыўнасці, нацыянальнай самасвядомасці, сацыяльнай сталасці і адказнасці, інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню студэнтаў (Студцэнтар ПДУ). Мэтай дзейнасці з’яўляецца садзейнічанне развіццю нацыянальнай адукацыі, навукі, культуры, выхаванне новага пакалення беларускай інтэлігенцыі, ажыццяўленне студэнцкага самакіравання, абарона правоў і законных інтарэсаў сваіх членаў, падтрымка непасрэднага супрацоўніцтва паміж рэктарам і студэнтамі (Студэнцкі Саюз БДУ). Студэнцкая рада па якасці адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца выбарным калегіяльным органам студэнцкага самакіравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мэтай дзейнасці Рады па якасці адукацыі БДУ з’яўляецца прыцягненне студэнтаў для прыняцця рашэнняў у галіне адукацыйнай палітыкі ўніверсітэта, спрыянне павышэнню якасці адукацыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

На падставе прааналізавных дакументаў можна зрабіць выснову аб тым, што паняцце “студэнцкае самакіраванне” з’яўляецца недастаткова выразна акрэсленым і часцей за ўсё тлумачыцца пры дапамозе “правіла заганнага круга”, калі паняцце вызначэння тлумачыцца праз само вызначэнне (параўнайце: банкір – гэта чалавек, які працуе ў банку). Зыходзячы з гэтага дыскурсу, які навязаны ўсяму, можно сцвярджаць, што такая нявызначанасць вельмі выгадная, бо спрыяе адсутнасці разумення таго, для чаго існуе студэнцкае самакіраванне і на што яно можа прэтэндаваць.

“Студэнцкае самакіраванне” у РФ. Карэляцыя паняцця “студэнцкае самакіраванне” да паняцця “грамадзянскае грамадства”. Нягледзячы на асаблівасці грамадска-палітынай сітуацыі ў РФ, яе кіраўніцтва доўгі час дэкларавала курс на лібералізацыю дзяржавы і грамадства па ўзору пераймання дзяржавай досведу шэрагу заходнееўрапейскіх дэмакратый, гэтыя тэндэнцыі знайшлі сваё адлюстраванне і ў галіне моладзевай палітыкі. Таму абгрунтаванай малюецца спроба прывесці прыклады таго, што разумеецца пад “студэнцкім самакіраваннем” у РФ. Самакіраванне (ў агульным выглядзе) – аўтаномнае функцыянаванне якой-небудзь арганізаванай сістэмы (падсістэмы), якая адэкватна вырашае свае ўнутраныя праблемы і асобныя пытанні, ўключае выканаўцаў у працэс выпрацоўкі рашэнняў. Студэнцкае самакіраванне можна разглядаць як асобную форму ініцыятыўнай, самастойнай, грамадска адказнай дзейнасці студэнтаў, якая накіравана на вырашэнне самых важных пытанняў жыццядзейнасці студэнцкай моладзі, развіццё яе сацыяльнай актыўнасці, падтрымку сацыяльных ініцыятыў. Такім чынам, у якасці стратэгічнай мэты студэнцкага самакіравання можа выступаць падрыхтоўка грамадзяніна, які здольны ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай, прымаць і выконваць значныя для грамадства рашэнні, цалкам рэалізоўваць сваё права выбіраць і быць выбраным у розныя ўстановы дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання.

На падставе вышэйсказанага мы можам сцвярджаць, што такое разуменне студэнцкага самакіраванне ў рэшце рэшт ставіць перад сабой мэту фарміраваць і распаўсюджваць ідэі грамадзянскага грамадства ў адным асобна ўзятым сацыяльным пласце. Пры гэтым “грамадзянскае грамадства” неабходна трактаваць як высокую прыступку развіцця грамадства, у якім яго члены-грамадзяне надзелены шырокімі правамі, выкарыстоўваюць і нясуць абавязкі адзін перад адным, перад грамадствам і дзяржавай.

Вось тут і хаваецца, на наш погляд, прычына фармальнасці і дэкларатыўнасці студэнцкага самакіравання ў Беларусі, бо яно ў сваім сапраўдным разуменні нясе ў сабе патэнцыяльную пагрозу для кіруючай эліты, так як студэнцкае самакіраванне павінна спрабаваць развіваць і рэалізоўваць ідэю грамадзянскага грамадства, “дэмакратыі знізу”. Зыходзячы з такога разумення студэнцкага самакіравання, аўтар лічыць патрэбным прапанаваць сваю стратэгію развіцця студэнцкага самакіравання ў Беларусі як аднаго з фактараў магчымых змяненняў.

Да пытання аб стратэгіі і тактыцы студэнцкага самакіравання ў Беларусі.  Калі пагадзіцца з беларускім палітолагам В. Сіліцкім, у першую чаргу неабходна паставіць пытанне: “Ці магчыма ўвогуле планаванне стратэгіі ва ўмовах, калі адсутнічае неабходная для змястоўных дзеянняў ступень свабоды?”. Так, магчыма хаця б таму, што адсуднасць акрэсленага плану дзеяння не спрыяе адэкватнаму ўспрыняццю рэчаіснасці.

Вялікую ролю ў рэалізацыі жадаемага іграе мэта, да якой мы імкнёмся, і крытэрый адзнакі дасягнутага (эфектыўнасць).

У якасці стратэгічнай мэты можна выдзяліць наступную – распаўсюджванне ў студэнцкім асяродку ідэй неабходнасці пабудовы грамадзянскага грамадства. Паколькі гэта мэта мае не ўтылітраны характар, адарвана ад рэчаіснасці і з’яўляецца хутчэй нечым ідэальным, то, намагаючыся рэалізаваць яе, неабходна кіравацца больш рэальнымі мэтамі, такімі як: абарона правоў студэнтаў, падтрымка студэнцкіх ініцыятыў, дапамога ў самарэалізацыі і г. д.

Што датычыцца крытэрыя эфектыўнасці самой працы, то часцей за ўсё ім становіцца дасягненне мэтаў, якія акрэслены самой арганізацыяй; аднак такі падыход здаецца нам не зусім правільным з-за перадумоў, адзначаных вышэй, і ў сувязі з гэтым крытэрыем эфектыўнасці павінна стаць задавальненне патрэбаў мэтавай аўдыторыі (студэнтаў).

ССК у Беларусі бачыцца намі як сістэма, якая складаецца з двух частак. Умоўна ССК можна падзяліць на ўнутранае і знешняе.

Унутранае ССК.

Зыходзячы з таго, што з’яўляецца нашым крытэрыем эфектыўнасці, неабходна належным чынам разважыць дзейнасць органа студэнцкага самакіравання, то бок неабходна даць (пастарацца даць) студэнтам тое, што іх цікавіць – знайсці падпрацоўку, добрае працоўнае месца па размеркаванні для выпускнікоў і г. д. З другога боку, нягледзячы на імкненне быць незалежнымі ад адміністрацыі, ад супрацоўніцтва з ёй немагчыма адмовіцца (ды і функцыянаваць прыдзецца ў першую чаргу ў межах узаемадзеяння з ёй), і гэта трэба скарыстаць ў сваіх інтарэсах. Неабходна стварыць такую сітуацыю, пры якой адміністрацыя не зможа належным чынам функцыянаваць, калі не будзе прыцягваць для гэтага органы ССК. Таму прыдзецца літаральна “прасіць любую працу” – набор якіх-небудзь тэкстаў, адміністраванне сайтаў, дапамога ў арганізацыі якіх-небудзь мерапрыемстваў, іншымі словамі, “вызваляць па максімуму” адміністрацыю ад яе штодзённых спраў. У такім выпадку мы зможам атрымаць такі прэцэдэнт, што “эфект татальнасці” студэнцкіх органаў самакіравання дасць вагу ў вачах адміністрацыі, прымусіць яе лічыцца з меркаваннем гэтых органаў, бо адміністрацыя будзе залежыць ад іх. І ў гэтым выпадку магчымы выхад на другі ўзровень – удзел у распрацоўцы вучэбных планаў, лакальных палажэнняў і г.д.

Знешняе ССК.

“Эфект татальнасці на месцах” не павінен з’яўляцца вынікам, патрэбны орган, які б уключаў прадстаўнікоў мясцовых органаў ССК, каб каардынаваць дзеянні, распрацоўваць адзіную лінію паводзін, абменьвацца досведам.

Разам з распрацоўкай агульнай праграмы дзеяння, каардынацыйны орган павінен выконваць шэраг іншых функцый. Зноў жа гэта павінна быць дапамога ў пошуку падпрацоўкі для студэнтаў, месца для размеркавання і г. д. Разам з гэтым неабходна наладжваць розныя семінары, трэнінгі і майстар-класы па актуальных для моладзі тэмах: парады па адкрыццю і вядзенню свайго бізнесу, юрыдычныя кансультацыі, магчымасць танна адпачыць і г. д. Асобным пытаннем павінна стаць узаемадзеянне каардынуючага органа з прыватным бізнесам, то бок неабходна стварыць такі прэцэдэнт, пры якім бізнес будзе зацікаўлены ў існаванні і функцыянаванні эфектыўнага студэнцкага самакіравання. Неабходна браць на сябе функцыі: а) кадравага агенцтва – шукаць людзей на прапанаваныя работадаўцам вакансіі, арганізоўваць на сваёй базе стартапаў; б) рэкламнага агенцтва – удзельнічаць у рэкламе паслуг, якія прапаноўвае бізнес; в) агенцтвы па перападрыхтоўцы – арганізоўваць навучанне па актуальных для рынку працы навыках – Інтэрнэт-адміністраванне, бухулік і г. д. Такім чынам, можна будзе наладзіць двуадзіны канал сувязі: з аднаго боку – шукаць працу для студэнтаў, з другога – шукаць для работадаўцаў спецыялістаў. Плюс да ўсяго, нельга забывацца пра магчымасць атрымання грошай у якасці фундатарскай дапамогі, асабліва ва ўмовах негатыўных адносін беларускай дзяржавы да фінансавання трэцяга сектару з замежжа.

Што датычыцца пытання аб знешніх сувязях, то тут неабходна быць вельмі асцярожным і намагацца трымацца ўбаку ад працэсаў, якія кідаюцца у вочы. Для паспяховай працы на міжнароднай арэне ў першую чаргу патрэбна добрая асветленасць у медыйнай прасторы і фармаванне такога іміджу, які б даваў магчымасць зразумець, што каардынуючы орган ССК з’яўляецца насамрэч выразнікам інтарэсаў большасці (усіх) студэнтаў.

Выснова. Як бачна, ва ўмовах сучасных грамадска-палітычных рэалій Беларусі (дыскурса), якія праецыруюцца на ўсё, вельмі складана зразумець асноўную ідэю “студэнцкага самакіравання”, аднак расстаноўка правільных акцэнтаў дазваляе вызначыць для сябе больш зразумелае прызначэнне ССК – дапамога ў пабудове грамадзянскага грамадства. Праз такое разуменне неабходным з’яўляецца пошук аптымальнага шляху развіцця ССК у Беларусі: стварэнне моцнага студэнцкага самакіравання на месцах (унутранае) – стварэнне каардынацыйнага органа (знешняе) – адлюстраванне інтарэсаў большасці студэнтаў – і, як вынік, неабходнасць улады лічыцца з інтарэсамі студэнцтва (агрэгараванымі ў межах аднаго інстытута), але ўжо на новым узроўні. Такім чынам, калі пайсці па шляху згуртавання студэнтаў у адзіную сілу, мы зможам спрыяць фарміраванню “зон свабоды”, дэмакратыі і грамадзянскага грамадства.

 

Іван Жыгал

Лаўрэат гран-пры студэнцкіх прац БАСС (Люты 2013 г.)

Пераклаў: Дзмітрый Варнашоў

25.02.2013 - 23:01