Чаго хочуць студэнты? Павагі і свабоды!

Ці сталі акадэмічныя свабоды каштоўнасцю для беларускіх студэнтаў? Ці могуць яны сёння ўплываць на навучальны працэс і кантраляваць бюджэт ВНУ? Як ставяцца да размеркавання? Пра гэта budzma.by пагаварыла з кіраўніком установы “Студэнцкая фабрыка думкі” (aboss.by), студэнткай БНТУ Людмілай Голад. Арганізацыя існуе з 2009 года і першапачаткова называлася “Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання”.

Можам — не можам

— Ці ёсць прагрэс у развіцці студэнцкага самакіравання ў нашых універсітэтах за апошнія 10 гадоў, на вашу думку?

— Я лічу, што так. Сёння ў многіх універсітэтах створаныя студэнцкія рады з выбарнымі пасадамі. Да нас прыязджаюць студэнты з рэгіёнаў, вучацца і потым рэалізуюць праекты па самакіраванні ў сваіх ВНУ. Да прыкладу, сёлета ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на юрыдычным факультэце была створаная свая студэнцкая рада. А ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце студэнты ўвялі сістэму ацэнкі выкладчыкаў: у асабістых кабінетах выкладчыкаў яны могуць пакідаць свае водгукі і ацэньваць іх працу. Зразумела, што пра паўнавартаснае студэнцкае самакіраванне гаварыць яшчэ рана, але элементы акадэмічных свабодаў з’яўляюцца.

— Давайце праманіторым, на што нашы студэнты сёння могуць уплываць. Ці можаце выбіраць прадметы для вывучэння?

— Мы можам выбраць толькі з факультатыўных і дадатковых прадметаў, і тое з абмежаванага набору прапановаў. Скласці паўнавартасны спіс таго, што б мы хацелі вывучаць у межах спецыяльнасці, мы пакуль не можам. У ВНУ Еўрасаюза студэнты ўжо даўно уплываюць на навучальныя планы і праграмы, вольныя ў выбары прадметаў для вывучэння.

— А ўплываць на якасць лекцый можаце?

— Гэта магчыма. Калі студэнты не згодныя з выкладаннем лектара, незадаволеныя якасцю лекцый, яны могуць падаць заяву ў дэканат і выказаць прэтэнзіі. Вельмі часта, напрыклад, выкладчык “лье ваду”. І студэнты маюць права выказаць сваю незадаволенасць тым, што марнуюць час на гэтых занятках. Такія выпадкі адбываюцца. Рэакцыя рэктарата розная: бывалі выпадкі, што лектара замянялі або пачыналі кантраляваць яго працу.

— А ёсць у студэнтаў магчымасць мадэрнізаваць састарэлыя навучальныя праграмы?

— Пакуль няма. Але, думаю, механізмы для гэтага ўплыву ёсць. У нашых планах правесці маніторынг якасці навучальных планаў, апытаўшы выпускнікоў беларускіх ВНУ. Па выніках мы хочам выпрацаваць прапановы для Міністэрства адукацыі: якія прадметы студэнты хацелі б бачыць у навучальных праграмах, што лічаць перспектыўным, а што —састарэлым, і г. д. Магчыма, гэта падштурхне перагляд праграм ВНУ.

— Ці могуць студэнты ўплываць на бюджэт універсітэта?

— Не. У Еўропе ўніверсітэты маюць празрысты бюджэт, гэта адкрытая інфармацыя. Нашы студэнты пакуль такіх справаздачаў не бачаць. Мы перыядычна праводзім дэбаты сярод студэнтаў па гэтай тэме і бачым, што меркаванні розныя. За кантроль над бюджэтам у асноўным выступаюць тыя, хто вучыцца платна. “Бюджэтнікі” сумняваюцца, што гэта так ужо неабходна. Я асабіста лічу, што празрыстасць павінная быць, каб студэнты бачылі, на што ідуць сродкі. Напрыклад, сёння ў некаторых ВНУ няма вадкага мыла ў туалетах, хоць сродкі на гэта напэўна павінныя быць закладзеныя. Дробязь, але для нас гэта істотна.

Аналізаваць бюджэт трэба яшчэ і для фармавання адказнасці. Калі студэнты могуць уплываць на сваю адукацыю і бачаць, што іх рашэнні могуць палепшыць становішча, яны сур’ёзней ставяцца да справы, прапануюць розныя варыянты вырашэння праблемы. А для ўзважаных рашэнняў патрэбная поўная інфармацыя.

— Чаму ў Беларусі не ўзнік моцны студэнцкі рух, як вы думаеце?

— Студэнты не адчуваюць сваіх магчымасцяў, не ведаюць у поўнай меры сваіх правоў, мала яшчэ разумеюць сутнасць акадэмічных свабодаў. Прычына і ў страху: многія і хацелі б развіваць праекты па самакіраванні, але іх спыняе тое, што ў адміністрацыі ўніверсітэтаў ўзнікаюць пытанні, што гэта за тэма такая.

— Ваша арганізацыя — сябра Еўрапейскага студэнцкага звязу (ESU). Якія магчымасці гэта дае нашым студэнтам?

— Гэта магчымасць набрацца досведу ў еўрапейскіх ВНУ, удзельнічаць у міжнародных студэнцкіх мерапрыемствах, у розных даследаваннях, быць у курсе навін у сістэме адукацыі, Балонскага працэсу. Гэта якраз дае рэальны вопыт самакіравання, таму што мы можам бачыць, як гэтая мадэль працуе за мяжой. У ESU збіраюцца прадстаўнікі ВНУ з розных краін, мы абмяркоўваем актуальныя праблемы адукацыі, студэнцкіх саветаў і выпрацоўваем рэкамендацыі, якія потым універсітэты абавязаныя ўлічваць. 

Пра размеркаванне і ўніверсітэт імя Гілевіча

— У вас ёсць праект “Акселератар студэнцкіх ідэй”. Назавіце тры самыя цікавыя ідэі, якія былі падтрыманыя.

— Быў цікавы праект па знаёмстве з прынцыпамі Балонскага працэсу: студэнты праводзілі трэнінгі, выпусцілі адукацыйныя ролікі. Даўно дзейнічае праект “English speaking club” — сустрэчы студэнтаў у нядзелі і размовы толькі на англійскай мове. Таксама добры праект па размеркаванні — прававыя кансультацыі выпускнікоў па пытаннях адпрацоўкі.

— Пазіцыя вашай арганізацыі па размеркаванні?

— Мы часта праводзім дэбаты на гэтую тэму і бачым, што жорсткага непрымання размеркавання сярод студэнтаў няма, хутчэй думкі дзеляцца пароўну. З аднаго боку, калі ты пасля ВНУ не можаш знайсці працу, размеркаванне дапамагае. Але з іншага, гэта абмяжоўвае магчымасці тых, хто ўжо знайшоў добрае месца працы ці хоча працягнуць навучанне за мяжой. Я асабіста супраць размеркавання: калі чалавек ведае каштоўнасць свайму розуму і адукацыі, размеркаванне яму непатрэбнае.

— Дзве самыя вострыя праблемы сістэмы вышэйшай адукацыі сёння акрамя неразвітага студэнцкага самакіравання?

— У першую чаргу гэта якасць адукацыі. Цяпер 2018 год, а мы дагэтуль яшчэ праходзім праграму 2009-га, вучымся па кнігах 90-х гадоў. Зразумела, што ёсць асноўная база навучальнай літаратуры, але ў яе актыўна павінныя ўносіцца інавацыі. Пакуль жа мы вучымся па састарэлых праграмах. І наша адукацыя не каціруецца за мяжой.

Па-другое, даступнасць вышэйшай адукацыі. У Беларусі вельмі шмат людзей паступаюць у ВНУ, а ў выніку не працуюць па сваёй спецыяльнасці. Тады навошта было вучыцца? І няма звязкі ВНУ і працадаўцаў. Я, напрыклад, вучуся на менеджара-дызайнера (кіраванне дызайн-праектамі). Гэта новая спецыяльнасць, але я пакуль не ўпэўненая, што ў нас ёсць працоўныя месцы для такіх спецыялістаў.

— Цяпер ствараецца нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Ці гатовыя вы даць экспертызу, якім ён павінен быць, наогул якой павінная быць вышэйшая адукацыйная ўстанова для студэнтаў?

— Думаю, мы маглі б ацаніць канцэпцыю ўніверсітэта, бо нашы сябры даўно і актыўна займаюцца тэмай адукацыі, маюць вялікі вопыт і маглі б выступіць як эксперты. Але пакуль да нас ніхто не звяртаўся.

— Чаго хочуць студэнты? Ваш ёмісты лозунг.

— Мы хочам павагі — каб з намі лічыліся і каб мы маглі ўплываць на сваю адукацыю. І свабоды думкі. Таму што многія пакуль яшчэ баяцца, што могуць пацярпець за свой светапогляд.

30.01.2018 - 13:19

Автор(ы):

Ангелина Вареник